БелIСА    Навіны
Русская версия
Русская версия English version
Навіны

Нарада аб стане і задачах развіцця прамысловасці

10.04.2024

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду на тэму стану і задач развіцця прамысловасці. Агульная колькасць удзельнікаў — каля 300 чалавек. Сярод іх — вышэйшыя службовыя асобы, члены Урада, старшыні аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, кіраўнікі прамысловых арганізацый, банкаў, навуковых цэнтраў, кіраўнікі адміністрацый свабодных эканамічных зон.

Адным з пытанняў было пытанне імпартазамяшчэння. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі могуць ствараць канкурэнтаздольную тэхніку з выкарыстаннем айчынных матэрыялаў і камплектуючых. Аднак, паводле яго слоў, па шэрагу напрамкаў абнаўленне прадукцыі і вытворчасцей ідзе вельмі марудна.

"Кожная крытычная пазіцыя паказвае нашы слабыя месцы. Менавіта па іх канкурэнты потым б'юць санкцыямі, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Неабходна прыняць меры па забеспячэнню максімальнай тэхналагічнай незалежнасці і стварэнню ўмоў для ўстойлівай работы эканомікі, якая не залежыць ні ад якіх санкцый. І гэта стратэгічная задача для нашага прамысловага комплексу".

"Трэба выбудаваць надзейную абарону ад любых знешніх фактараў — яшчэ адна задача для ўсіх. Вось чаму так жыццёва важна імпартазамяшчэнне, якім трэба займацца пастаянна", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Гэтая задача, паводле яго слоў, — прыярытэт прыярытэтаў. І хаця пра гэта шмат гаворыцца, але варта прызнаць, што разварот прамысловасці ў гэтым напрамку адбываецца вельмі марудна. Доля імпартнага складніка ў беларускай прадукцыі па-ранейшаму высокая.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў па ўсіх напрамках распрацаваць стратэгіі па павышэнні ўзроўню лакалізацыі: "Давядзіце да кожнага напружаныя заданні і забяспечце іх рэалізацыю".

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на рызыкі, якія нясе залежнасць ад замежнага абсталявання і праграмнага забеспячэння. "Таму стварэнне айчыннага софту і яго ўкараненне павінны стаць безумоўнай першачарговай задачай для нашых распрацоўшчыкаў. Пакуль па гэтаму напрамку ўвогуле нічога не робіцца. Як карысталіся заходнім праграмным забеспячэннем, так і працягваем", — крытычна заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Асноўная маса цяперашніх праектаў датычыцца мадэрнізацыі прамысловых гігантаў, якія былі захаваны з часоў Савецкага Саюза (МАЗ, МТЗ, БЕЛАЗ). "Гэта добра, але нам неабходна стварыць абсалютна новыя, перадавыя вытворчасці, якія выпускаюць інавацыйныя прадукты", — арыентаваў Прэзідэнт.

У сувязі з гэтым ён паставіў задачу ўзмацніць інтэграцыю прамысловасці з навукай, развіваць высокатэхналагічныя галіны, вытворчасць вылічальнай, электроннай і аптычнай апаратуры.

У гэтых умовах, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, асаблівую важнасць набывае рэалізацыя праграм Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, сумесных імпартазамяшчальных праектаў, якія ствараюць аснову тэхналагічнага суверэнітэту і эканамічнай бяспекі.

"Праекты па дасягненню тэхналагічнага суверэнітэту павінны стаць маторам абнаўлення нашай прамысловасці, дапамагчы ўсёй эканоміцы выйсці на перадавы ўзровень эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Перад Урадам Прэзідэнт паставіў задачу прапрацаваць і сфарміраваць доўгатэрміновы, як мінімум да канца цяперашняга дзесяцігоддзя, заказ ад расійскіх партнёраў на высокатэхналагічную прадукцыю: "Каб нашы прадпрыемствы разумелі, па якіх правілах ім працаваць у Расіі".

 

Па матэрыялах: president.gov.by

 

Версія для друку 

Аб ДУ «БелІСА»  |  Навіны  |  Дзяржаўная рэгістрацыя навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх (доследна-тэхналагічных) работ  |  Нацыянальны інфармацыйны офіс праграм ЕС па навуцы і інавацыях

Апошняе абнаўленне: 19.07.2024
Copyright © БелІСА