БелIСА    Навіны
Русская версия
Русская версия English version
Навіны

Галоўчанка расказаў пра тэхналагічны суверэнітэт Беларусі

10.04.2024

Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў YouTube-праекце БЕЛТА "Па факце: рашэнні Першага" расказаў пра тэхналагічны суверэнітэт Беларусі і назваў канчатковую мэту работы па імпартазамяшчэнні.

Раман Галоўчанка заўважыў, што не варта абсалютызаваць паняцце тэхналагічнага суверэнітэту, бо поўнасцю незалежных у гэтым сэнсе краін проста няма. У вытворчых ланцужках выкарыстоўваецца міжнародная кааперацыя, прынцып падзелу працы. "Для нас важна не столькі імпартазамяшчэнне як такое, колькі асэнсаваная лакалізацыя, гэта значыць замяшчаць трэба тое, што важна для развіцця краіны і мінімізацыі расходаў", — звярнуў увагу Раман Галоўчанка.

"Гэтым мы і займаемся ў тандэме з Расійскай Федэрацыяй і менавіта праз гэта разглядаем астатнія пытанні. У прыватнасці, усе льготы, прэферэнцыі, дзяржпадтрымка і гэтак далей павінны прадастаўляцца толькі тым, хто дасягнуў рэальнага ўзроўню лакалізацыі вытворчасці", — дадаў прэм'ер-міністр.

Разам з тым ён звярнуў увагу, што і Расія, і Беларусь дзейнічаюць зыходзячы з нацыянальных прыярытэтаў, але гэта ім зусім не перашкаджае фарміраваць агульныя планы па імпартазамяшчэнні і павышэнні ўзроўню лакалізацыі ў асобных галінах. Напрыклад, у аўтамабілебудаванні, дзе абедзве дзяржавы цесна звязаныя паміж сабой. "Беларусь — пастаўшчык вялікай колькасці аўтакампанентаў у Расію, мы таксама шмат імпартуем (з Расіі. — Заўвага БЕЛТА) для нашага аўтамабілебудавання. Тут абсалютна рэальна і неабходна зрабіць унутрыгаліновую раскладку, што імпартазамяшчаем мы, а што — Расійская Федэрацыя. Тое ж самае ў мікраэлектроніцы", — растлумачыў кіраўнік урада.

Гаворачы ўвогуле аб імпартазамяшчэнні, Раман Галоўчанка падкрэсліў, што тэма гэта складаная, але "ўрад разумее і бачыць, куды ісці". Ёсць адпаведныя штогадовыя планы і праграмы, яны паспяхова рэалізуюцца. Напрыклад, у 2023 годзе экспарт прадукцыі айчыннага машынабудавання ў Расію склаў $6,5 млрд, а вытворчасць імпартазамяшчальнай прадукцыі дасягнула практычна $5 млрд. "Поспехі ёсць, і яны відавочныя", — лічыць прэм'ер-міністр. Але гэта зусім не азначае, што можна самазаспакойвацца, наадварот, тэмпы неабходна нарошчваць, і менавіта такія задачы ставіць перад урадам кіраўнік дзяржавы. Канчатковая мэта, паводле яго слоў, — гэта павышэнне лакалізацыі вытворчасці (прычым, для розных галін устанаўліваюцца розныя паказчыкі), асваенне новых тэхналагічных аперацый. "Максімальная колькасць тэхналагічных аперацый па вытворчасці павінна рабіцца ўнутры рэспублікі. Вось наша канчатковая мэта", — сказаў ён.

 

Крыніца: belta.by

 

Версія для друку 

Аб ДУ «БелІСА»  |  Навіны  |  Дзяржаўная рэгістрацыя навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх (доследна-тэхналагічных) работ  |  Нацыянальны інфармацыйны офіс праграм ЕС па навуцы і інавацыях

Апошняе абнаўленне: 19.07.2024
Copyright © БелІСА