БелIСА    Навіны
Русская версия
Русская версия English version
Навіны

Падведзены вынікі рэспубліканскага маладзёжнага інавацыйнага праекта "100 ідэй для Беларусі"

01.03.2023

Гранд-фінал 12-га сезона рэспубліканскага маладзёжнага інавацыйнага праекта "100 ідэй для Беларусі " адбыўся 28 лютага ў Мінску ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Арганізатарамі праекта выступілі Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь.

12-ы сезон праекта стартаваў 15 лістапада 2022 года. На ўдзел у праекце паступілі 1200 заявак. Да рэспубліканскага фіналу адбыліся 66 занальных (раённых) адборачных тураў, 6 абласных і Мінскі гарадскі туры, адборачны тур НАН Беларусі і ўпершыню – міжвузаўскі тур. Важнай асаблівасцю сезона стала правядзенне комплексу практыка-арыентаванага навучання асновам стварэння, прэзентацыі, прасоўвання і рэалізацыі моладзевых распрацовак. Па ўсёй рэспубліцы праведзены 75 навучальных мерапрыемстваў.

На ўрачыстым адкрыцці фінальнага тура з прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуліся Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сяргеенка і Першы сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Аляксандр Лук'янаў.

У рабоце трох з пяці экспертных саветаў прынялі ўдзел прадстаўнікі ДКНТ і ДУ "БелІСА": начальнік аддзела развіцця інавацыйнай інфраструктуры, камерцыялізацыі і інтэлектуальнай уласнасці ўпраўлення інавацыйнай палітыкі ДКНТ Андрэй Сасноўскі, намеснік дырэктара па навуковай рабоце ДУ "БелІСА" Наталля Паўлава і намеснік дырэктара па міжнароднай навукова-інавацыйнай рабоце Вольга Хвастова.

Вынікам правядзення праекта стала ўзнагароджанне прызамі і памятнымі падарункамі 20-ці пераможцаў у дзесяці намінацыях: "Энергетыка, у тым ліку атамная энергетыка, і энергаэфектыўнасць", "Аграпрамысловыя тэхналогіі і фермерства", "Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі", "Ахова здароўя (медыцынскія тэхналогіі, фармацыя, бія– і нанаіндустрыя)", "Хімічныя тэхналогіі, нафтахімія", "Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі", "Экалогія (рацыянальнае прыродакарыстанне і глыбокая перапрацоўка прыродных рэсурсаў)", "Нацыянальная бяспека і абарона ад надзвычайных сітуацый", "Грамадства і сацыяльная сфера" і спецыяльнай намінацыі "Лепшая бізнес-ідэя".

Так, у намінацыі "Энергетыка, у тым ліку атамная энергетыка, і энергаэфектыўнасць" у першай узроставай катэгорыі пераможцам стаў праект "Самаробны электратранспарт як танны экалагічны мабільны спосаб перамяшчэння (электрамапед)". Праект уяўляе сабой энергаэфектыўны электрамапед з мінімальнымі грашовымі выдаткамі. Дадзеная тэхніка можа вырашыць праблему затораў на дарогах, палегчыць працу велакур'ераў, паменшыць забруджванне атмасфернага паветра. У другой узроставай катэгорыі адзначаны праект "ТермаВожык". Канструкцыя прызначана для эфектыўнага выкарыстання цеплавой энергіі ў печах (буржуйках). Выраб лёгка мантуецца і дазваляе паменшыць колькасць спальваных прадуктаў для дасягнення неабходнай тэмпературы ў памяшканні, у выніку чаго эканоміцца паліва.

У намінацыі "Аграпрамысловыя тэхналогіі і фермерства" пераможцамі сталі праекты "Ангурландыя" і "Рэгулятар росту і імунамадулятары раслін".

У намінацыі "Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі" адзначаны праекты "Перапрацоўка зямлі фармовачнай гарэлай" і "Кампазіцыйныя матэрыялы на аснове жалеза як высокаэфектыўная замена электратэхнічнай сталі".

У намінацыі "Ахова здароўя (медыцынскія тэхналогіі, фармацыя, бія– і нанаіндустрыя)" у першай катэгорыі адзначаны праект "Сэнсарныя акуляры для людзей са слабым зрокам". Створаная прылада падчас працы сігналізуе карыстачу вібрацыяй пра набліжэнне да перашкоды, і чым бліжэй перашкода, тым мацней будзе вібрацыя. У другой катэгорыі лепшым стаў праект "Тэхналогія атрымання натуральных кіллерных (NK) клетак, мадыфікаваных хімерным антыгенным рэцэптарам, для мэт процівоопухолевой імунатэрапіі". Распрацавана тэхналогія атрымання CAR-NK-клетак, якія будуць выкарыстаны для імунатэрапіі розных анкалагічных захворванняў.

У намінацыі "Хімічныя тэхналогіі, нафтахімія" пераможцамі сталі праекты "Беларускі Tetra Pak" і "Тэхналогія здабывання іонаў літыя з водных асяроддзяў".

У намінацыі "Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі" у ліку пераможцаў праекты "Мабільны дадатак "Памочнік дальнабойніка" і "Смарт–падарунак – лепшае ўпрыгожванне для любога свята".

У намінацыі "Экалогія (рацыянальнае прыродакарыстанне і глыбокая перапрацоўка прыродных рэсурсаў)" перамаглі праекты "Атрыманне высокаактыўнага мезапорыстага вугалю з адходаў дрэваапрацоўчай прамысловасці" і "Высокаэфектыўнае кланаванне елкі еўрапейскай".

У намінацыі "Нацыянальная бяспека і абарона ад надзвычайных сітуацый" — "Выратуй горад ад пажару" і "РГТ-800 (распыляльнік гетэрафазнага тушэння)".

У намінацыі "Грамадства і сацыяльная сфера" — мабільны дадатак Inmemory і інфармацыйны партал кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні "Ваенрук".

У намінацыі "Лепшая бізнес-ідэя" адзначаны праекты "Якард" (Yacard) і HoReCa 3D-food printing.

Як адзначыў падчас мерапрыемства першы намеснік Старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Андрэй Касоўскі, за апошнія 4 гады 70 удзельнікаў конкурсу "100 ідэй для Беларусі" сталі ўдзельнікамі Рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў. Андрэй Касоўскі нагадаў, што ДКНТ быў першым ведамствам, якое падставіла плячо праекту "100 ідэй для Беларусі". "Па-першае, таму што мы заўсёды гатовыя падтрымаць моладзь. Яе энергетыка, падпаленыя вочы і ідэі – гэта тое, на аснове чаго ў краіне ствараюцца інавацыі. Гэта, па сутнасці, інавацыйная экасістэма. А па-другое, таму, што цікавасць нашага камітэта заключаецца ў тым, каб ідэі даходзілі да вытворцы і спажыўца, каб арганізоўваліся высокатэхналагічныя сучасныя вытворчасці. Таму пераможцам гэтага праекта мы прапануем бясплатна падрыхтаваць бізнес-планы па іх праектах. І гэта дае пуцёўку распрацоўкам моладзі ў вялікае жыццё", — адзначыў першы намеснік Старшыні ДКНТ.


 

Версія для друку 

Аб ДУ «БелІСА»  |  Навіны  |  Дзяржаўная рэгістрацыя навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх (доследна-тэхналагічных) работ  |  Нацыянальны інфармацыйны офіс праграм ЕС па навуцы і інавацыях

Апошняе абнаўленне: 15.04.2024
Copyright © БелІСА