БелIСА    Навіны
Русская версия
Русская версия English version
Навіны

Рэспубліканскі сход навуковай грамадскасці, прысвечаны Дню беларускай навукі

29.01.2024

26 студзеня 2024 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшоў Рэспубліканскі сход навуковай грамадскасці, прысвечаны Дню беларускай навукі.

На мерапрыемстве прадстаўнікам акадэмічнай, вузаўскай і галіновай навукі, якія ўнеслі найбольш значны ўклад у развіццё навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, былі ўручаны ўзнагароды Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Міністэрства адукацыі і Міністэрства аховы здароўя, а таксама Вышэйшай атэстацыйнай камісіі.

Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Сяргей Шлычкоў падчас рэспубліканскага сходу навуковай грамадскасці заявіў, што ў Беларусі высокі інтэлектуальны патэнцыял, тут нараджаюцца прарыўныя ідэі. «Навука — гэта наймагутнейшы рэсурс, дзякуючы якому рэалізуюцца якасныя пераўтварэнні ў эканоміцы і ў іншых сферах. Дзякуючы навукоўцам і ўсім, хто працуе ў гэтай сферы, нараджаюцца прарыўныя ідэі і ствараюцца перадавыя тэхналогіі. І гэтаму спрыяе высокі інтэлектуальны патэнцыял нашай дзяржавы», — адзначыў Сяргей Шлычкоў.

Беларусь уваходзіць у дзясятку лепшых краін свету па субіндэксу «падрыхтоўка спецыялістаў у галіне навукі і тэхнікі» глабальнага інавацыйнага індэкса. Па паказчыку «чалавечы капітал і даследаванні» — у ліку 40 лепшых краін свету. Па субіндэксу «навука і тэхналогіі» рэйтынгу «добрых краін» Беларусь заняла 34-ю пазіцыю з 169. Па індэксе чалавечага развіцця краіна займае 60 месца сярод 191 краіны свету.

Па долі экспарту навукаёмістай і высокатэхналагічнай прадукцыі (больш за 40%) Беларусь апярэджвае ўсе краіны ЕАЭС і знаходзіцца на ўзроўні такіх краін Еўропы, як Сербія, Іспанія, Балгарыя і Партугалія.

Для рэалізацыі самых амбіцыйных ідэй у краіне створана і паспяхова функцыянуе сістэма дзяржаўных праграм, у рамках якіх штогод выконваецца каля 3 тыс. розных праектаў.

Сяргей Шлычкоў прывёў прыклады цікавых і значных распрацовак, атрыманых у 2023 годзе. Так, у ДНВА «Оптыка, оптаэлектроніка і лазерная тэхніка» распрацаваны ЗВЧ-фотадыёдны модуль для сістэм радыёлакацыі і радыёэлектроннай бяспекі. Інстытутам фізікі НАН Беларусі распрацаваны пашыраны метад Фур'е-аналізу лічбавых галаграм для сістэмы машыннага гледжання і мікрафоталітаграфіі. У Аб'яднаным інстытуце праблем інфарматыкі НАН Беларусі створана платформа штучнага інтэлекту. Аб'яднаным інстытутам машынабудавання НАН Беларусі распрацаваны тэхнічныя сродкі рабатызацыі мабільных машын у складзе беспілотнага кар'ернага самазвала БЕЛАЗ.

Таксама беларускія вучоныя распрацавалі новыя мадэлі камбайнаў, інтэгральныя мікрасхемы, метады хірургічнага лячэння з выкарыстаннем 3D-тэхналогій, гатункі раслін, тэхналогіі і прадукцыю харчовай прамысловасці, касмічную сістэму радыеметрычнага кантролю калязямной прасторы на базе малога касмічнага апарата і спецыялізаваных наземных сродкаў, модульную сістэму назапашвання энергіі для вытворчасці электратранспарту, устаноўку лазернай апрацоўкі матэрыялаў і электронікі.

 

Версія для друку 

Аб ДУ «БелІСА»  |  Навіны  |  Дзяржаўная рэгістрацыя навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх (доследна-тэхналагічных) работ  |  Нацыянальны інфармацыйны офіс праграм ЕС па навуцы і інавацыях

Апошняе абнаўленне: 19.07.2024
Copyright © БелІСА