Беларускі інстытут сістэмнага аналізу і інфармацыйнага забеспячэння навукова-тэхнічнай сферы

НАН Беларусі аб'явіла рэспубліканскі конкурс творчых работ, прысвечаны Году якасці
Адрас дакумента: http://www.belisa.org.by/by/news/c191313948854c87.html

 
 

26.02.2024

 

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі аб'явіла рэспубліканскі конкурс творчых работ, прысвечаны Году якасці.

Конкурс праводзіцца ў мэтах павышэння прэстыжу навуковай дзейнасці і якасці падрыхтоўкі нацыянальных кадраў, развіцця творчай актыўнасці, садзейнічання прафесійнаму росту маладых вучоных, стымулявання цікавасці да навуковай творчасці і прыцягнення моладзі ў навуку, фарміравання ў грамадстве адказнасці за вынікі сваёй працы і пачуцця дачынення да будучыні краіны.

Да ўдзелу запрашаюцца прадстаўнікі шырокай грамадскасці — школьная, студэнцкая і працоўная моладзь, творчыя людзі, навукоўцы, прадстаўнікі вышэйшай школы, настаўнікі, дзеячы культуры, аспіранты, магістранты.

Конкурс праводзіцца НАН Беларусі ў 2024 годзе па сямі намінацыях: "Фізіка, матэматыка і інфарматыка — аснова якаснай апрацоўкі, перадачы, захоўвання і абароны інфармацыі"; "Фізіка-тэхнічныя інавацыі для павышэння канкурэнтаздольнасці айчынных вытворчасцей"; "Дасягненні хіміі і прыродакарыстання — Году якасці"; "Беражлівае стаўленне да прыродных рэсурсаў і захаванне біялагічнай разнастайнасці"; "Медыцынская навука — аснова высокай якасці жыцця"; "Гуманітарная навука — Году якасці"; "Аграрная навука — высокай якасці сельскагаспадарчай прадукцыі".

У кожнай з намінацый конкурс праводзіцца па трох катэгорыях: 1-я — школьнікі і студэнты; 2-я — магістранты, аспіранты, маладыя вучоныя (да 35 гадоў па стану на 1 студзеня 2024 года); 3-я — вучоныя акадэмічнай, вузаўскай і галіновай навукі, настаўнікі, творчыя людзі (старэйшыя за 35 гадоў па стану на 1 студзеня 2024-га). У кожнай з катэгорый уручаюцца дыпломы I, II і III ступені.

Удзельнікамі могуць быць як асобныя грамадзяне, так і аўтарскія калектывы ў складзе не больш за тры чалавекі.

На конкурс прадстаўляюцца вынікі даследаванняў, апублікаваныя ў форме артыкулаў (цыкла артыкулаў) у навуковых і навукова-папулярных выданнях, распрацоўкі, якія валодаюць канкурэнтаздольнасцю, эфектыўнасцю, сацыяльна-эканамічнай значнасцю, а таксама макеты, узоры, навуковыя даклады, прэзентацыі, публіцыстычныя артыкулы, эсэ, музычныя і мастацкія творы, творы прозы і паэзіі.

Матэрыялы на конкурс, прысвечаныя Году якасці, аформленыя ў адпаведнасці з палажэннем, накіроўваюцца ў адным экзэмпляры да 1 кастрычніка 2024 года ў Нацыянальную акадэмію навук Беларусі.

Па матэрыялах: belta.by

 
 
Copyright © "БелІСА", Мінск, Рэспубліка Беларусь. http://www.belisa.org.by/
Поўнае ці частковае ўзнаўленне дадзенага матэрыялу дазваляецца з указаннем спасылкі (у інтэрнэце гіперспасылкі) на крыніцу